Вы можаце даслаць нам 1,5% сваіх польскіх падаткаў
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі словамі пра «ўнікальны талент» і «славутыя творы» плюс кароткімі звесткамі пра біяграфіі аўтараў. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў новым праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах спрабуем патлумачыць, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа. Цяпер гаворка пра Максіма Багдановіча.

Амаль не жыў у Беларусі

Ці можна быць вядомым айчынным літаратарам і пражыць значную частку жыцця па-за межамі Беларусі? Магчыма, у будучыні гэтае пытанне стане неактуальным: пасля 2020 года за мяжу перабралася шмат пісьменнікаў. Але дагэтуль такія творцы большую частку жыцця жылі на бацькаўшчыне.

Раней працяглае жыццё па-за краінай тлумачылася форс-мажорам. Напрыклад, сталінскімі рэпрэсіямі і іх наступствамі (праз гэта Уладзіміру Дубоўку пасля ГУЛАГа давялося жыць у Маскве: сам ён хацеў пераехаць у Мінск, але там яго не жадалі бачыць колішнія калегі). Або Другой сусветнай вайной і вымушанай эміграцыяй (пасля яе за акіян трапілі Наталля Арсеннева, Алесь Салавей, Масей Сяднёў і многія іншыя). Выезды ў мірны час (як эміграцыя Васіля Быкава) былі адносна непрацяглымі.

Прыклад Максіма Багдановіча разбівае ўсе шаблоны. Нарадзіўся ён у канцы 1891-га ў Мінску. У наступным годзе сям’я пераехала ў Гродна. Але маці Максіма рана памерла, а яго бацька ўжо ў лістападзе 1896 года перабраўся з дзецьмі ў расійскі Ніжні Ноўгарад, пазней — у Яраслаўль. Наступныя 20 гадоў жыцця Максіма прайшлі ў Расіі — за выключэннем лета 1911-га, калі ён гасцяваў у фальварку Ракуцёўшчына (цяпер Маладзечанскі раён). І толькі летам 1916-га, скончыўшы ліцэй, Багдановіч вярнуўся ў Мінск. Але ўжо ў лютым 1917-га з’ехаў у Крым на лячэнне, адкуль не вярнуўся.

Максим Богданович. Фото: commons.wikimedia.org
Максім Багдановіч. Фота: commons.wikimedia.org

Так, Багдановіч не пераязджаў у замежныя краіны: тады Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі. Але на радзіме ён не пражыў і шасці гадоў. Прычым пяць з іх прыпалі на ранняе дзяцінства, ад якога відавочна засталіся фрагментарныя ўспаміны. Тым не менш у бібліятэцы Багдановіча хапала кніг, напісаных па-беларуску. Яго хросная маці выпісала Максіму «Нашу долю» — першую легальную газету, што выходзіла па-беларуску (у 1906-м выйшла яе шэсць нумароў, пасля чаго яе закрылі), пасля — «Нашу Ніву», якая стала пераемніцай «НД» і падаўжальніцай яе справы.

Менавіта на старонках «НН» у 1907-м адбыўся літаратурны дэбют Багдановіча, там пачалі з’яўляцца і яго наступныя творы. На стварэнне новых яго натхніла наведванне радзімы праз чатыры гады. Напрыклад, дзякуючы візіту ў прыватны музей братоў Луцкевічаў у Вільні (цяпер Вільнюс) з’явіўся знакаміты верш «Слуцкія ткачыхі». Ды і адзіная прыжыццёвая кніга «Вянок» выйшла ў 1914-м у тым жа горадзе.

Хаця сувязь з радзімай захоўвалася, атачэнне Максіма было далёкае ад беларускай ідэі і не падзяляла яго захапленняў.

«Заўзятыя адносіны да „самасційнай“ Беларусі да рэшты паглыналі ўсе яго турботы і ўсю ўвагу. Ён замыкаўся ў сваім пакоі, паглыбляўся ў гэтыя пытанні і ў такой шчыльнай двайной абалонцы, ізаляваны ад жыцця, правёў усе апошнія гады», — пісаў яго стрыечны брат Пётр Гапановіч (між іншым, на той момант Максім ужо выпусціў сваю кнігу «Вянок», якая стала класікай). Нават бацька — этнограф і даследчык Адам Багдановіч — не зусім сур’ёзна ставіўся да літаратурных заняткаў сына. Прынамсі, ён разумеў, што тое не дасць яму сталага заробку.

Музей-сядзіба Максіма Багдановіча ў вёсцы Ракуцёўшчына. Фота: Da voli, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Музей-сядзіба Максіма Багдановіча ў вёсцы Ракуцёўшчына. Фота: Da voli, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

«Па праўдзе кажучы і сёння здаецца амаль неверагодным, як мог гэты хваравіты гімназіст-падлетак, адарваны ад жывой стыхіі беларускай мовы, прасякнуцца неадольным жаданнем авалодаць ёю і авалодаць настолькі, каб улавіць усе найтанчэйшыя адценні слова, усе яго фарбы і колеры», — пісаў паэт Ніл Гілевіч.

Такім чынам, Максім пераважна сілкаваўся віртуальнымі беларускімі кантактамі. Але гэта не перашкодзіла яму стаць у нашых вачах класікам.

Пражыў зусім мала і працаваў насуперак усяму

Кожнаму айчыннаму літаратару адмераны свой век. Сярод іх сустракаюцца доўгажыхары. Рэкардсмен тут Кандрат Крапіва — 94 гады, за ім Максім Лужанін — 91, недалёка адсталі Янка Брыль і Янка Маўр — 88. На супрацьлеглым полюсе Лукаш Калюга — 28, Юлій Таўбін — 26, Сяргей Палуян — 19. Зрэшты, апошні скончыў жыццё самагубствам, а першыя два (і не толькі яны) сталі ахвярамі рэпрэсій. Багдановіч пражыў усяго 25 поўных гадоў, не застаўшы савецкую ўладу і не пацярпеўшы ад яе палітыкі. Прычынай яго смерці былі сухоты.

Максім Багдановіч. Фота: facebook.com/maksimbagdanovich
Максім Багдановіч. Фота: facebook.com/maksimbagdanovich

У пачатку 1890-х хваробу знайшлі ў яго бацькі Адама Багдановіча. У тыя часы гэта было вельмі распаўсюджанае захворванне. «У Нямеччыне налічваецца да мільёна сухотных хворых. У Францыі, <…>, дзясятая частка насельніцтва ва ўзросце ад 20−25 гадоў хворая на сухоты. У Расіі, на жаль, няма такога дакладнага падліку захворванняў на сухоты; па сцвярджэнні д-ра Гурвіча, колькасць сухотных у нас павінна дасягаць велізарнай лічбы — каля 3 мільёнаў», — пісалі расійскія даследчыкі ў 1912-м.

У тыя часы сухоты былі невылечнай хваробай: вакцынацыю супраць яе сталі рабіць ужо пасля смерці Максіма. Гэта, аднак, не сведчыла, што чалавек асуджаны на хуткую смерць. Той жа Адам Багдановіч, які клапаціўся пра сваё здароўе, пражыў 78 гадоў. А вось яго сямейнікам не пашанцавала. Ад гэтай жа хваробы памерлі яго жонка, маці Максіма, — ёй было 27 гадоў, — і яго старэйшы сын, брат паэта Вадзім — усяго 18. У Максіма прыкметы гэтай хваробы з’явіліся, калі яму было 18.

Апошнія сем гадоў жыцця паэт жыў з веданнем, што ён хворы — і хворы невылечна. Яе сімптомы праяўляліся ўсё часцей. У Мінску ён зняў пакой у доме, які арандавала сям’я яшчэ аднаго будучага класіка — Змітрака Бядулі.

«Калі Бядулю папрасілі ўзяць да сябе дадому на пару тыдняў інтэлігентнага хлопца („Трохі хворы, але вершы піша!“), яму не сказалі, што ў жыхара — адкрытая форма сухотаў, тая, пры якой кашаль з крывёю, — расказваў Яфім Плаўнік, сын Бядулі. — Пачаліся штодзённае мыццё, уборка, а шумны дом, дзе раней бывалі мастакі, літаратары, артысты, апусцеў са з’яўленнем „сухотніка“. <…>. Наогул, успаміналі, што Багдановіч мог быць вельмі злосным і неакуратным пад канец рэмісіі».

Факсімільнае выданне зборніка Максіма Багдановіча "Вянок". Фота: NN, commons.wikimedia.org
Факсімільнае выданне зборніка Максіма Багдановіча «Вянок». Фота: NN, commons.wikimedia.org

У гэтым стане Максім працягваў ствараць свае шэдэўры. Часцяком ён працаваў у гарачцы, пры тэмпературы ў 38−39 градусаў. Менавіта ў такім стане быў напісаны верш «Пагоня». Аднойчы, расказваючы пра гэта за абедам, паэт дадаў: «У гарачцы пішацца лёгка». Такіх праблемаў са здароўем і такога кароткага веку не дасталося ніводнаму айчыннаму класіку, але Багдановіч змог рэалізавацца насуперак усяму.

Меў цудоўную адукацыю і быў сапраўдным інтэлектуалам

Рускаму пісьменніку Антону Чэхаву належаць словы пра тое, што дваране бралі дармова ад прыроды тое, што разначынцы (так у Расійскай імперыі называлі асобаў, якія не прымацаваныя да ніводнага з усталяваных саслоўяў) купляюць цаной маладосці. Гэтае выказванне можна распаўсюдзіць і на іншых прадстаўнікоў небагатых саслоўяў.

Напрыклад, Янка Купала праз шматлікія пераезды сям'і і недахоп сродкаў так і не змог атрымаць сістэмную адукацыю. Урэшце ён скончыў народнае вучылішча, а ўжо ў сталым узросце навучаўся на курсах пры Пецярбургскім універсітэце. Змітрок Бядуля атрымаў адукацыю ў пачатковай яўрэйскай школе (хедары), потым вучыўся ў ешыбоце — духоўнай семінарыі, якую, аднак, не скончыў.

Максім Багдановіч (ніжні шэраг пасярэдзіне) сярод гімназістаў-аднакласнікаў мужчынскай гімназіі. Фота: litmuseums.iatp.by, commons.wikimedia.org
Максім Багдановіч (ніжні шэраг пасярэдзіне) сярод гімназістаў-аднакласнікаў мужчынскай гімназіі. Фота: litmuseums.iatp.by, commons.wikimedia.org

Багдановічу вельмі не пашанцавала са здароўем, а вось у плане адукацыі ён мог даць фору многім сваім калегам. Дарэчы, ніякім дваранінам ён не быў. Яго дзядуля быў прыгонным селянінам, але бацька «дзякуючы фенаменальным здольнасцям і вялікай жыццёвай энергіі» здолеў прабіцца наверх. Максім атрымаў цудоўную адукацыю — спачатку скончыў гімназію. Думаў паступаць у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, але супраць быў бацька — зрэшты, і правільна, бо клімат гэтага горада звёў бы паэта ў магілу яшчэ раней. У выніку Максім скончыў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй, які ўжо ў савецкія часы ператварылі ва ўніверсітэт.

Адукацыя і самаадукацыя (дома была шыкоўная бібліятэка) дазволілі Багдановічу стаць сапраўдным інтэлектуалам. Ён чытаў у арыгінале і перакладаў на беларускую мову Гарацыя і Авідзія (з латыні), Гейнэ і Шылера (з нямецкай), Верхарна і Верлена (з французскай). Сярод эпіграфаў да вершаў «Вянка» бачныя французскія, нямецкія, італьянскія, польскія, расійскія цытаты.

«Аб творчасці рускіх паэтаў <…> ім напісаны артыкулы і рэцэнзіі на ўзроўні найлепшых дасягненняў айчыннай філалагічнай школы. <…>. Сучасны фалькларыст у яго маленькай — на дзве старонкі нататцы можа прачытаць тое, чаго хапіла б разгарнуць на цэлую дысертацыю. Выдаўцы, якія хочуць атрымаць каштоўную параду, як рыхтаваць да друку збор твораў, хай пачытаюць рэцэнзію Багдановіча на акадэмічнае выданне [рускага паэта Яўгена] Баратынскага. Педагогі-настаўнікі могуць знайсці ў яго зусім не ўстарэлыя і слушныя думкі аб ролі выкладання роднай мовы ў вучэбным і выхаваўчым працэсе», — пісаў Ніл Гілевіч. Ён жа дадаваў, што «чытаць літаратурна-крытычныя працы Багдановіча — незвычайная асалода, якую прыносяць, па-першае, прафесійная дасведчанасць і пераканаўчасць аргументаў, а па-другое, бляск стылю: гранічная сцісласць пісьма і натуральнае прыгоства фразы».

Музей Максіма Багдановіча ў Мінску. Фота: Hanna Zelenko, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Музей Максіма Багдановіча ў Мінску. Фота: Hanna Zelenko, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Цікава, што Багдановіч — каб уразіць стрыечную сястру Ганну Гапановіч, да якой быў неабыякавы — пераклаў свае вершы на рускую мову (нашай яна не валодала) і падараваў ёй рукапісны зборнік. Але таго ўзроўню, што ў арыгінале, дасягнуць не атрымалася. Нездарма Максім стаў беларускім, а не рускім класікам.

Не прыстасоўваўся ні пад улады, ні пад чытачоў

Пытанне, для каго ствараюцца творы, — вечнае, яно будзе паўставаць перад кожным аўтарам і кожным пакаленнем чытачоў і літаратараў. З пэўнай умоўнасцю яго можна спрасціць да наступнай дылемы: творы пішуць для звычайных людзей, каб адукоўваць іх, падцягваць іх веды да пэўнага ўзроўню, адкрыта казаць пра іх праблемы або аўтар глабальна нікому нічога не павінен і працуе для ўласнага самавыражэння і развіцця культуры.

Максім Багдановіч. Фота: litmuseums.iatp.by, commons.wikimedia.org
Максім Багдановіч. Фота: litmuseums.iatp.by, commons.wikimedia.org

У ХІХ стагоддзі айчынныя аўтары, пачынальнікі новай беларускай літаратуры, адназначна рабілі выбар на карысць першага варыянта. На тое ўплывала агульная павестка, афарыстычна сфармуляваная расійскім паэтам Мікалаем Някрасавым («Поэтом можешь ты не быть, // Но гражданином быть обязан»), а таксама аўдыторыя твораў.

Ва ўмовах татальнай русіфікацыі беларуская мова захоўвалася ў першую чаргу ў вёсцы, таму аўтары пісалі для сялянаў. Аднак такая арыентацыя, як адзначаў даследчык Ігар Запрудскі, «адбівалася на мастацкіх вартасцях твораў, абумоўлівала іх своеасаблівы прымітывізм». «Калі свядомы ўлік публікі зойме колькі-небудзь сур’езнае месца ў творчасці паэта, — яна непазбежна страціць сваю мастацкую чысціню і дэградуе ў ніжэйшы сацыяльны план», — цытаваў Запрудскі расійскага філосафа Міхаіла Бахціна і дадаваў ад сябе, што з-за свядомай стаўкі на нізкі ўзровень чытачоў пераважна назіраўся «дэфіцыт сапраўды высокамастацкіх твораў».

Менавіта таму ў ХХІ стагоддзі мы наўрад ці будзем чытаць па-за школьнай праграмай творы Францішка Багушэвіча — біяграфія гэтага чалавека, які адыграў велізарную ролю ў станаўленні айчыннай літаратуры, цікавейшая за яго літаратурны наробак. «Але тым і адрозьніваецца Багдановіч ад многіх сваіх папярэднікаў і сучасьнікаў, што ён першы ня стаў апускацца да ўзроўню мужыка, каб загаварыць яго мовай пра яго праблемы, ён проста пісаў вершы для такіх, як ён сам — і пісаў іх так, як хацелася менавіта яму», — адзначаў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Гэта дазволіла Багдановічу застацца актуальным да сённяшняга дня.

Філіял музею Гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску на Рабкораўскай, 17. На помніку высечаная цытата з вершу Багдановіча: «Ты не згаснеш, ясная зараначка. Ты яшчэ асвеціш родны край. Беларусь мая! Краіна-браначка! Устань, свабодны шлях сабе шукай». Фота: Rahnieda, commons.wikimedia.org
Філіял музею Гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску на Рабкораўскай, 17. На помніку высечаная цытата з вершу Багдановіча: «Ты не згаснеш, ясная зараначка. Ты яшчэ асвеціш родны край. Беларусь мая! Краіна-браначка! Устань, свабодны шлях сабе шукай». Фота: Rahnieda, commons.wikimedia.org

Праз кароткае і абарванае на ўзлёце жыццё Максім не паспеў заспець савецкую ўладу. Можа, таму ён застаўся адным з нешматлікіх айчынных класікаў ХХ стагоддзя, які ўнікнуў яе ўплыву на ўласную творчасць. Яму не спатрэбілася ісці на вымушаныя кампрамісы з сумленнем і пісаць творы на патрэбу дня, каб проста выжыць у савецкай таталітарнай (а пасля аўтарытарнай) дзяржаве. Такіх твораў, якія былі вымушаныя пісаць многія літаратары і за якія заднім чыслом сорамна, у яго, на шчасце, няма. Багдановіч застаўся ўнутрана свабодным чалавекам.

Стаў першым беларускім паэтам у еўрапейскім разуменні гэтага слова

«На фоне сваіх ня менш знакамітых папярэднікаў ён выглядае прышэльцам, вэнэрыянцам — настолькі рэзкі паміж імі кантраст. Багдановіч — ня толькі наш першы гарадзкі паэт, ён наогул першы беларускі паэт у эўрапейскім разуменьні гэтага слова. Ён даў беларускай паэзіі стыль, рытм і рыфму — рэчы, якія да Багдановіча ніяк не маглі ў ёй прыжыцца. Паэт, за якога ня сорамна — маючы Багдановіча, можна спакойна ісьці ў сьвет ці прынамсі разам ляцець да зор», — пісаў Альгерд Бахарэвіч.

Максім сапраўды стаў аўтарам цыкла вершаў «Места», які адкрыў урбаністычную лінію ў айчыннай паэзіі. Першым увёў у беларускую літаратуру многія невядомыя ёй раней формы (санет, трыялет, рандо, актава, тэрцыны, пентаметр). Паспяхова выступаў як аўтар пейзажнай лірыкі, філасофскіх мініяцюр, грамадзянска-палітычных вершаў… — карацей кажучы, ва ўсіх магчымых формах. Ён цудоўна перадаваў атмасферу і настрой.

Помнік Максіму Багдановічу ў Ялце. Фота: Searuss, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
Помнік Максіму Багдановічу ў Ялце. Фота: Searuss, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

«Сапраўды, хіба не перадаецца нам трывожна-страшнае прадчуванне небяспекі, што ахоплівае цёмнай ноччу ў лесе адзінокага падарожніка, калі мы чытаем вось гэты васьмірадковы верш пра лесуна:

Я спакойна драмлю пад гарой між кустоў.

Лес прыціхнуў — ні шуму, ні сокату.

Але чую ў цішы нада мной звон падкоў,

Чую гул мяккі конскага топату.

Ці не гукнуць, каб рэха па лесе пайшло,

Каб з касцямі ў кавалкі разбітымі,

Нехта біўся ў крыві, каб мне можна было

Усю ноч рагатаць пад ракітамі?!

Якая надзвычайная экспрэсіўнасць вобраза, якая адмысловая і зайздросная для васямнаццацігадовага паэта чаканка радка!» — пісаў Ніл Гілевіч.

Але самае галоўнае, што Багдановіч — аўтар «Пагоні», «Слуцкіх ткачых», «Зоркі Венеры…», «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…» і многіх іншых вершаў, якія не састарэлі больш за стагоддзе, што прайшло з часу іх напісання.

«Ён жа быў і стваральнікам мовы — у такой ступені, як Купала і Колас. <…> Ды нават і зробленае Купалам і Коласам, як паэтамі, не вызначалася б так сёння ў сваіх контурах і межах, каб побач з імі не было Багдановіча з яго здольнасцю адною рысаю пазначыць і назваць тое, што ў іншых разрасталася ў цыклы і паэмы. <…> Ягоны заўсёдны лаканізм, ягоная здольнасць бачыць з’яву цалкам, у мастацкай і сацыяльнай перспектыве — вялікая заваёва нашай літаратуры <…>, — пісаў Міхась Стральцоў. — Багдановіч, побач з Купалам і Коласам, — тое трэцяе вымярэнне, без якога немагчыма перспектыва. З Багдановічам нам стала далёка відаць ва ўсе канцы свету. I такая ранняя смерць! Каб пражыў ён больш, хто ведае, чым маглі б мы быць сёння, працу колькіх людзей мог бы зрабіць ён адзін — спакойна, аберуч, з яснай галавой і шчырым сэрцам. Дзе сёння былі б яго ўзмыленыя, ускінутыя над роднай старонкай коні? Яго няма — ляціць яго „Пагоня“».