Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі словамі пра «ўнікальны талент» і «славутыя творы» плюс кароткімі звесткамі пра біяграфіі аўтараў. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў новым праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы пачыналі гэты праект з Уладзіміра Караткевіча, працягнулі Іванам Мележам і Максімам Багдановічам. Цяпер расказваем пра Васіля Быкава.
Расказаў праўду пра вайну
Васіль Быкаў стаў знакамітым пасля публікацыі «Жураўлінага крыку» і «Трэцяй ракеты», што з’явіліся на рубяжы 1950−1960-х. У першай аповесці шасцёра чырвонаармейцаў атрымалі загад затрымаць праціўніка на 24 гадзіны, прыкрыўшы такім чынам адыход асноўнага падраздзялення. У другой расказвалася пра артылерыйскі разлік, на трое сутак адрэзаны ад сваіх.
Чаму гэтыя творы зачапілі тагачасных чытачоў? Бо расказвалі пра вайну доўгачаканую праўду. Пасля завяршэння Другой сусветнай галоўнымі героямі літаратурных твораў паўставалі маршалы і генералы, падзеі паказваліся маштабна, пафасна — адбывалася міфалагізацыя вайны. Але напрыканцы 1950-х — у пачатку 1960-х феноменам літаратуры ўсяго Савецкага Саюза (не будзем забывацца, што Беларусь была яго часткай) стала «лейтэнанцкая проза», да якой адносяць творы Юрыя Бондарава («Батальоны просят огня»), Рыгора Бакланава («Южнее главного удара»), нашага Васіля Быкава і іншых.
Гэтыя творцы паказвалі Другую сусветную з пазіцыі звычайнага салдата ці малодшага афіцэра — у такіх званнях яны ваявалі самі (адсюль і тэрмін «лейтэнанцкая проза»). «Лейтэнанты, з шэрагаў якіх выйшла ваенная плеяда <…>, вельмі хацелі данесці хаця б невялікую праўду пра тое, чаму былі сведкамі, у той час як афіцыйная прапаганда ўсяляк гэтую праўду канфіскоўвала і вымывала са свядомасці», — адзначаў расійскі паэт Аляксандр Гутаў. Гэтыя характарыстыкі былі ўласцівыя і Быкаву.
У адрозненне ад калег наш класік пісаў выключна аповесці — жанр, які займае прамежкавае месца паміж апавяданнем і раманам; акцэнт часта робіцца на адной сюжэтнай лініі. Але сам Быкаў казаў, што не адчувае «цеснаты» гэтага жанру. «Можа, таму, што час у ёй [аповесці] непазьбежна сьціскаецца да такой ступені, каб мець найбольшую кумулятыўную сілу», — выказваў меркаванне пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
«Быкаў не стаў марнаваць абмежаваны тэрмін асобнага чалавечага жыцця на тое, каб ствараць абавязкова эпас вайны, расцягваць адшуканы сюжэт на бясконцыя серыялы, множыць творчыя знаходкі, якія для пісьменніка іншага маштабу былі б падставай гонару на ўсё астатняе жыццё», — адзначаў крытык Міхась Тычына. Адначасова ён іранізаваў над шэрагам айчынных творцаў, што стваралі раманы-эпапеі. У Быкава іх няма.
Адметнасцю гэтага пісьменніка стала надзвычай высокая працаздольнасць. Па словах таго ж Тычыны, «ягоныя аповесці з’яўляліся ў друку з дзівоснаю рэгулярнасцю, якая нагадвае звышдакладную працу астранамічнага гадзінніка <…>, адна за адной кожны год ці два». Па працаздольнасці з Быкавым мог параўнацца хіба Іван Шамякін, але той праз гады ўспрымаецца класікам беларускай масавай літаратуры, яго кнігі засталіся ў сваім часе. А вось быкаўскія «Мёртвым не баліць», «Сотнікаў», «Знак бяды», «Кар'ер», «Аблава» і іншыя станавіліся падзеямі для беларускай літаратуры тады — і застаюцца этапнымі ў наш час.
Праўда, якая гучала ў быкаўскіх творах, была непатрэбная ўладзе. Калі пісьменнік жыў у Гродне (у Мінск ён перабраўся ў 1978-м), яму білі шыбы ў акне, у кватэры ставілі праслухоўку, ладзілі тэлефонны тэрор. «Пачалі званіць — з Горадні, Менску, Масквы ці чорт ведае адкуль, — не называючыся. То быў форменны тэлефонны тэрор, пэўна ж кімсьці арганізаваны. Але вядома, кім. У любы час дня і ночы трашчэў тэлефон, устрывожаны, я ўскокваў з ложка і чуў першае пытаньне: „Да якога часу вы будзеце падрываць савецкую ўласьць?“ Або: „Многа вам заплаціла ЦРУ за паклёп на партыю і Чырвоную армію?“» — згадваў Быкаў у мемуарах. Ён згадваў, як агенты КДБ збівалі яго разам з сябрам на гродзенскай вуліцы — але пісьменнік не адступіўся і застаўся верным сабе.
Паставіў сваіх герояў і ўсіх нас перад неабходнасцю выбіраць
Зрэшты, Быкаў наўрад ці б стаў класікам, каб расказваў выключна пра ваенныя падзеі. Ён прызнаваўся, што яго цікавіла «не сама вайна, нават не яе побыт і не тэхналогія бітвы», а тое, што «ў вайну стаяла за гераізмам, жывіла яго, было яго глебай, тое, што і сёння не страціла сваю сілу і не можа страціць». Таму творчасць Быкава — гэта не толькі і не столькі пра Другую сусветную.
«Лейтэнантаў, з шэрагаў якіх выйшла ваенная плеяда <…>, вельмі цікавіла тэма выбару, прадыктаваная разуменнем таго, што на вайне ад савецкага чалавека раптам спатрэбілася тое, што ў мірным жыцці глушылася, знікала — ініцыятыва, самастойнае рашэнне», — адзначаў Аляксандр Гутаў. Але той выбар тычыўся не толькі і не столькі ваенных падзей і сітуацый. Цэнтральным у быкаўскіх творах станавіўся не канфлікт паміж «нашымі» і ворагамі, а сутыкненне паміж «сваімі».
«Бадай у кожным быкаўскім творы падзеі разгортваюцца ў сытуацыі пагранічча, яго героі нібыта ўвесь час рухаюцца на вузкім лапіку нічыйнай тэрыторыі, якую трэба адолець. Яны ня надта задумваюцца, чыёй воляй дадзеная ім гэтая спрэс замінаваная мяжа: паміж маральлю і выжываньнем, паміж „я“ і „звыш-я“, паміж ганьбаю і… Ня гонарам, не — проста адсутнасьцю ганьбы, на большае яны не прэтэндуюць. Мяжа паміж жыцьцём і сьмерцю, геамэтрычна простая і блізкая, як ніколі, ня надта дазваляе ім лавіраваць», — адзначаў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.
Дададзім, што дзеянне ў творах пісьменніка пераважна адбывалася ў абмежаваны прамежак часу. У экстрэмальных умовах, у якіх жылі героі, у іх не было магчымасці паставіць рашэнне на паўзу. Трэба было выбіраць, рабіць экзістэнцыяльны выбар — асэнсаванае рашэнне чалавека, якое вызначала яго сутнасць, каштоўнасць і далейшы жыццёвы шлях. І разам з героямі яго мусілі рабіць мы, чытачы.
Такі выбар робяць Сотнікаў і Рыбак, героі аповесці «Ліквідацыя», што пры публікацыі атрымала назву «Сотнікаў»: пайсці на супрацоўніцтва з нацыстамі ці захаваць свой гонар і страціць жыццё. «Я скурай, нервам адчуў (што зразумела), што значыць жыць у сітуацыі, калі нічога не можаш, пазбаўлены ўсіх магчымасцей не толькі неяк уплываць на абставіны, жыццё, але і хоць бы з мізэрнай доляй надзеі на поспех захаваць сваю незалежнасць ад гэтага злоснага і драпежнага свету. І я пабудаваў падобную мадэль на матэрыяле партызанскай вайны (дакладней, жыцця ў акупацыі), узяў Сотнікава і Рыбака і паказаў, як абодва асуджаныя, хоць абодва — палярна супрацьлеглыя людзі, — такая сіла абставін. Не схаваю, тут задума — ад экзістэнцыялізму, якім я яго сабе ўяўляю», — прызнаваўся ў лістах пісьменнік.
Свой выбар вымушаныя зрабіць і двое старых, Пятрок і Сцепаніда, героі аповесці «Знак бяды» — адной з вяршынь быкаўскай прозы. Але і там гаворка ішла не толькі пра рэаліі жыцця пад нацысцкай акупацыяй. Сюжэт і разважанні герояў вярталіся да нядаўняй па часе калектывізацыі — прымусоваму стварэнню калгасаў, што стала пачаткам ліквідацыі спрадвечнага сялянскага ладу жыцця. «<…> галоўны ідэйны знак — знак нацыянальнай бяды. Так бы мовіць — мала было калектывізацыі, дык яшчэ і акупацыя», — пісаў у мемуарах Быкаў, трактуючы абедзьве падзеі як нацыянальныя трагедыі.
Нездарма, па словах Міхася Тычыны, творам нашага класіка было ўласціва «шматгадовае супрацьстаянне таталітарызму ва ўсіх яго жахлівых мадыфікацыях» — гаворка відавочна як пра нацысцкі, так і пра савецкі. З першым Быкаў ваяваў на фронце, з другім і яго наступствамі яму давялося сутыкнуцца ў пасляваенным жыцці.
Стаў прадстаўніком нашай літаратуры за мяжой
Кожная нацыя ўпэўненая: творчасць іх лепшых пісьменнікаў вартая ўвагі цэлага свету. Напрыклад, Янку Купалу называюць класікам сусветнай літаратуры, часта нагадваюць, што яго творы перакладаліся амаль на 100 моў, адзін толькі верш «Хто там ідзе?» — на 84. Купала — сапраўды вялікі для Беларусі творца, які стане героем аднаго з наступных тэкстаў у нашым «Пазакласным чытанні». Але яго вядомасць засталася ўсё ж такі ў межах Беларусі. Колькасць перакладаў не ў апошнюю чаргу тлумачыцца тым, што гэтага паэта перастваралі на мовы народаў СССР (аналагічна па-беларуску гучалі таджыкскія або туркменскія творцы).
Такая характарыстыка — класік нацыянальны, а не сусветны — уласцівая пераважнай большасці айчынных спачылых творцаў (сучаснікі, напрыклад, Святлана Алексіевіч — усё ж іншая размова). Гэта, зрэшты, ніяк не змяншае іх значнасць — пытанне часцяком у належнай прамоцыі. Цікавасць замежнікаў выклікалі адзінкі. Напрыклад, нават пра звышпапулярнага ў нас Уладзіміра Караткевіча ў «Вялікай расійскай энцыклапедыі» згадкі няма. У чужой краіне свае правілы — гэта проста канстатацыя факту.
Галоўным прадстаўніком нашай літаратуры за мяжой у выніку стаў менавіта Васіль Быкаў. У першую чаргу, гэта тычыцца савецкай, а пасля і постсавецкай прасторы. Яго аповесці — як дзякуючы перастварэнню іншых перакладчыкаў, так і самога пісьменніка — рэгулярна з’яўляліся на старонках часопіса «Новый мир», самага папулярнага ў СССР. А кнігі Быкава па-руску выходзілі велізарнымі накладамі.
«У Публічнай бібліятэцы Санкт-Пецярбурга не раз даводзілася назіраць, як наведвальнікі дзівіліся, сустракаючы кнігі Васіля Быкава на паліцах з замежнай літаратурай. Такая рэакцыя звычайная для Расіі — большасць чытачоў успрымае яго як рускага пісьменніка. Гэта вытлумачальна: чытаючы творы Быкава, складана ўявіць, што руская мова для яго няродная», — пісаў расійскі даследчык Аляксей Вастроў.
Аповесці Быкава выходзілі і за межамі Савецкага Саюза. «Асабліва ў сацыялістычных краінах (што знаходзіліся пад кантролем СССР. — Заўв. рэд.). Толькі ў ГДР перакладам на нямецкую мову выйшла паўтара дзясятка маіх кніг, трохі менш у ФРГ, Францыі, Італіі», — пісаў пісьменнік у мемуарах і дадаваў, што большасць ганарараў забірала дзяржава. Аўтарам жа даставаліся капейкі.
Аднак беларус усё роўна недаатрымаў належнай увагі на Захадзе. «З самага пачатку рускія пераклады твораў Быкава падвяргаліся цэнзурнай праўцы: з тэкстаў выдаляліся згадкі пра беларускую нацыянальную ідэнтычнасць і нават самая мяккая крытыка савецкай рэчаіснасці — так, фразы накшталт „усё не можа быць паскудным вечна“ ператвараліся ў „калгас — гэта добра“. Тым не менш, менавіта рускія пераклады былі шляхам да шырокага чытача», — канстатавала ў некралогу брытанскае выданне The Guardian. Творы Быкава перакладаліся на замежныя мовы менавіта з рускай (перакладчыкаў з беларускай амаль не было, і гэта адна з прычын, чаму Быкаў пачаў рабіць свае аўтарскія пераклады на рускую).
«Жывучы шмат гадоў у Канадзе, выкладаючы ва ўніверсітэце і камунікуючы з мясцовымі славістамі, я з сумам была вымушана ўсвядоміць той факт, што і пра беларускую літаратуру ў цэлым, і пра Васіля Быкава ў прыватнасці большасць з іх мае вельмі цьмянае ўяўленне», — прызнавалася беларуская даследчыца Зіна Гімпелевіч.
Па яе словах, з творчасцю Быкава англамоўныя чытачы ўвогуле не былі знаёмыя. У тым ліку, таму ён так і не атрымаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры, на якую яго вылучалі драматург і прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавел, а таксама паэт, сам нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш, якія разумелі яго значнасць. Аднак творчасць Быкава на Захадзе належным чынам яшчэ не асэнсавана.
Падтрымаў змаганне за незалежнасць і змяніў гісторыю
Прыкладаў, калі айчынныя пісьменнікі змянялі гісторыю, хапае. Лепшы з іх, бадай, Уладзімір Караткевіч, які не проста зацікавіў беларусаў сваім мінулым, але і вярнуў ім згубленую пераемнасць з ім, натхніў нацыю на аднаўленне незалежнасці і шмат у чым «прыдумаў» Беларусь. Аналагічную па масштабу ролю ў пачатку ХХ стагоддзя адыгрывалі і іншыя айчынныя класікі — ад Янкі Купалы да Якуба Коласа. Усіх іх яднае тое, што гэтыя пісьменнікі дзейнічалі не наўпрост, а праз свае творы, фарміруючы свядомасць сваіх чытачоў. Гэтым можа заслужана пахваліцца і Васіль Быкаў. Але ён не спыніўся і пайшоў далей, змяняючы гісторыю яшчэ і дзеяннямі.
У 1988-м здарыліся два ключавыя моманты. Археолаг Зянон Пазняк напісаў артыкул «Курапаты — дарога смерці», у якім упершыню расказаў пра масавыя расстрэлы пад Мінскам, што адбываліся ў сталінскія часы. Каб пераадолець цэнзуру, у Быкава папрасілі напісаць прадмову — ён яе падпісаў як лаўрэат Ленінскай прэміі, у чым быў дакладны і прагматычны разлік.
«Не як герой сацыялістычнай працы ці дэпутат Вярхоўнага Савету. <…>. І справа ня ў тым, што герояў і дэпутатаў у БССР былі дзясяткі і сотні, а колькасьць ленінскіх ляўрэатаў можна было пералічыць на пальцах. Так, тытул народнага пісьменьніка даваў бы права казаць ад імя некалькіх пакаленьняў народу, які ў часы бальшавіцкага тэрору згубіў найлепшых сваіх прадстаўнікоў. Але ўзгадка імя Леніна рабіла для ЦК ленінскай партыі вельмі няпростай забарону публікацыі — гэта пагражала скандалам, якога ў Беларусі яшчэ не здаралася. Артыкул надрукавалі, і гэта быў той самы рэдкі для Беларусі выпадак, калі афіцыйныя рэгаліі спрацавалі супраць сыстэмы», — пісаў даследчык Сяргей Навумчык. Пазняк неаднаразова казаў апошняму, што выхад артыкулу без прадмовы быў бы праблематычным.
Тэкст меў неверагодны рэзананс. Як пісаў даследчык Аляксандр Фядута, «Беларусь прачнулася. Разбудзілі яе Алесь Адамовіч (дарэчы, адзін з лепшых сяброў Быкава. — Заўв. рэд.) і Зянон Пазняк. Першы расказаў праўду пра Чарнобыль, другі — пра Курапаты».
Другі ключавы момант — стварэнне Беларускага народнага фронта (БНФ), самай буйной апазіцыйнай арганізацыі, якая неўзабаве паставіла перад сабой мэту абвяшчэння беларускай незалежнасці. У кастрычніку таго ж 1988-га (тэкст пра Курапаты выйшаў у чэрвені) у будынку тагачаснага Дому кіно, які месціўся ў адабраным у вернікаў Чырвоным касьцёле, прайшоў устаноўчы сход «Мартыралогу Беларусі» — арганізацыі памяці ахвяраў сталінізму.
Пазняк вырашыў у гэты дзень стварыць аргакамітэт БНФ. Пра тое ён сказаў толькі двум людзям, у тым ліку і Быкаву. На сходзе той выступіў з уступным словам, пасля чаго прапанаваў абраць старшынём «Мартыралогу» Пазьняка. Прадстаўнік кампартыі сунуўся на трыбуну, каб сарваць галасаванне, але Быкаў рашуча ўзяў мікрафон: «Наступнае, што павінна быць: хто супраць кандыдатуры? Прашу падняць рукі! Хто ўстрымаўся? Няма! Усё!» Раздаліся воплескі. Пасля выбрання Пазняк ужо праз некалькі хвілін прапанаваў прагаласаваць за стварэнне аргкамітэта БНФ.
Быкаў і надалей падтрымліваў дзейнасць Фронта і выступаў за незалежнасць краіны. Але гэтыя два эпізоды дазволілі яму змяніць айчынную гісторыю.
Адным з першых выступіў супраць Лукашэнкі
Распад СССР Быкаў сустрэў у статусе жывога класіка з усімі магчымымі рэгаліямі: найбольш істотныя з іх мы пералічвалі вышэй, гаворачы пра прадмову да артыкула пра Курапаты. Неўзабаве, у 1994-м, пісьменніку споўнілася 70 гадоў. Калі б ён захацеў адысці ад грамадскага жыцця ці не выказвацца пра найбольш вострыя пытанні, наўрад ці б хтосьці стаў яго асуджаць ці папракаць.
Пісьменнік тым часам выбраў іншы шлях, бо перад маладой беларускай дзяржавай паўставалі пагрозы. 26 жніўня 1993 года ў маскоўскай камуністычнай газеце «Правда» пад красамоўным загалоўкам «Да возродится!» выйшла інтэрв'ю з дэпутатам парламента Аляксандрам Лукашэнкам. У ім апошні выступіў за стварэнне адной дзяржавы з Расіяй і ліквідацыю незалежнасці.
Ужо 1 верасня ў «Народнай газеце», якая выходзіла накладам больш за 500 тысяч, выйшаў адказ Быкава. Цытуючы Лукашэнку, ён нідзе не згадвае ягонага прозвішча. «Іншымі словамі, кажа пра яго як пра зьяву. І зьяву вельмі небясьпечную», — каментаваў Сяргей Навумчык. «Вядома, у свой час у гэтай газэце даводзілася чытаць і не такія матэрыялы <…>, але каб з гэткай ашаламляльнай адкрытасьцю паставіцца да кволай незалежнасьці краіны, дзе нарадзіўся і жывеш, дзе будуць жыць твае дзеці, — такое трэба пашукаць у наш час сярод самай чырвона-карычневай прэсы», — пісаў Быкаў.
Класік папярэджваў суайчыннікаў пра небяспеку, але яго не пачулі: праз год Лукашэнку абралі першым беларускім прэзідэнтам. Цягам дзевяностых з-за яго дзеянняў існавала рэальная пагроза беларускай незалежнасці. Але пісьменнік не змаўчаў. Ён працягваў выказвацца ў творах — адна з яго апошніх аповесцяў, «Афганец», расказвала пра салдата-«афганца», які вырашае забіць тырана — гаворка відавочна ішла пра беларускія рэаліі. Твор апублікавалі ўжо пасля смерці Быкава, які выступаў супраць парушэння Лукашэнкам законаў і ўсталявання дыктатуры.
«Ён сьвядома падставіў сябе пад удары камуністычнай прапагандысцкай машыны, прычым удары значна больш моцныя і цынічныя, чым у 1960-я гады, калі Быкава цкавалі за ягоныя творы. Кнігі камуністычныя правадыры яшчэ маглі цярпець; выступы супраць іхняй манаполіі на ўладу — ніколі», — адзначаў Сяргей Навумчык.
Прывяло гэта да таго, што Быкава перасталі друкаваць у дзяржаўных выдавецтвах. Кніга «Сьцяна», набранная і вычытаная аўтарам у карэктуры, праляжала ў адным з іх тры гады, пакуль пісьменнік сам не забраў рукапіс. Літаратара цкавала дзяржаўная прэса, яго тэлефон праслухоўвалі.
Калі нарэшце Быкаў вырашыў эміграваць, яму абяцалі стварыць усе ўмовы, патрабавалася толькі сустрэцца з Лукашэнкам. Пісьменнік адмовіўся — і ў 1998-м з’ехаў у Фінляндыю. Пасля ён жыў у Германіі і Чэхіі і вярнуўся дадому толькі перад смерцю, у 2003 годзе.
Развітанне з Быкавым стала сапраўды ўсенародным — такога Мінск не ведаў з часоў гібелі лідара БССР Пятра Машэрава ў 1980-м. Цырымонія развітання доўжылася пяць гадзін. Труну накрылі нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам і неслі на руках ад Дома літаратара, што ля плошчы Перамогі, да Усходніх могілак. За ёй ішло каля 10 тысяч чалавек.
Чытайце таксама



