23 чэрвеня 2018 года. Поўнач Тайланда, недалёка ад мяжы з М’янмай, Лаосам і з горным хрыбтом Дайнангнон, ля падножжа якога знаходзіцца сістэма пячор. У футбольнай каманды «Дзікі», у якой займаліся хлопцы ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў, запланаваная трэніроўка. Падлеткі — заўзятыя раварысты, таму памочнік трэнера, 25-гадовы Экапол Чантавонг, у чаце ў Facebook прапануе ім дабрацца да поля менавіта такім спосабам. Ён і не думаў, што ў той дзень разам са сваімі падапечнымі захрасне пад зямлёй у пячоры, дзе давядзецца прабыць 18 дзён, а за іх выратаваннем будзе назіраць увесь свет.
«Дзікі» выпраўляюцца ў пячору
Экапол Чантавонг (мянушка Аке) быў сіротай, што страціў бацькоў ва ўзросце 10 гадоў. Пасля гэтага ён абраў шлях манаха і пражыў 12 гадоў у манастыры, але пакінуў яго, каб даглядаць сваю хворую бабулю. Таксама ён стаў памочнікам галоўнага трэнера ў нядаўна створанай камандзе «Дзікі».
У склад «дзікоў» уваходзілі дзеці, большая частка якіх расла ў беднасці або належала да этнічных меншасцяў, якія не мелі грамадзянства. Не было яго і ў Аке, і ў трох футбалістаў, якія пазней трапілі ў пастку. Агулам жа грамадзянства, паводле афіцыйных звестак, не мелі 488 тысяч жыхароў Тайланда, паводле неафіцыйных — 3,5 мільёна. Такія людзі не могуць легальна ўладкоўвацца на працу і ў прынцыпе займаць частку пасадаў.
Нягледзячы на свой няпросты лёс, Аке, відаць, быў кемлівым і добрым маладым чалавекам, таму дзеці яго палюбілі. Ён дапамог галоўнаму трэнеру распрацаваць сістэму, у якой жарсць хлопчыкаў да футбола матывавала б іх паспяхова вучыцца. За добрыя адзнакі ў школе юныя спартоўцы атрымлівалі новыя шыпы для буцаў ці шорты.
У той нешчаслівы дзень Аке не планаваў пасля трэніроўкі паход пад зямлю. Хутчэй за ўсё, хлопцы проста ўгаварылі трэнера з’ездзіць да пячоры: яны ўжо былі там раней. У адрозненне ад дзяцей, Аке заставаўся адказнай за іх асобай і мусіў разумець усе наступствы, аднак чамусьці саступіў.
Двое юных футбалістаў засталіся дома — адзін у той дзень не ўзяў з сабой ровара, другому бацькі загадалі вярнуцца, каб нагнаць прапушчанае ў школе. Астатнія выправіліся на прагулку, якая абяцала быць нядоўгай — усяго каля гадзіны. Тым больш у той дзень дома ў аднаго з хлапчукоў была запланаваная вечарынка ў гонар яго 17-годдзя.
Хлопцы збіраліся наведаць пячорную сістэму Тхам Луанг — шырокі комплекс пад хрыбтом Дайнангнон. Яе працягласць па прамой складае прыкладна 4,8 кіламетра, з усімі паваротамі — каля 10. Сістэма вузкіх калідораў злучала буйныя вапняковыя пячоры, усеяныя сталактытамі.
Ля ўваходу вісела шыльда, якая папярэджвала наведнікаў, што ўваход забаронены ў сезон дажджоў, з ліпеня да лістапада. «Калі знаходзішся ў пячоры, дажджу не чуваць», — тлумачыў адзін з удзельнікаў каманды, які не выправіўся ў тую паездку.
Аднак быў канец чэрвеня, так што фармальна турысты нічога не парушалі. І, адпаведна, не баяліся праблем.
Начлег побач з «пляжам»
Зайшоўшы ў пячору, хлопчыкі і іх суправаджальнік амаль тры кіламетры ішлі да Т-падобнага скрыжавання, а потым павярнулі налева, да галоўнай славутасці: шырокай амфітэатрападобнай залы, вядомай як «Пляж Патая». Яго назвалі ў гонар папулярнага турыстычнага месца на поўдзень ад Бангкока, сталіцы краіны. Пазней ратавальнікі знайшлі заплечнікі хлопцаў перад праходам, дзе сцежка настолькі звужаецца, што праціснуцца з торбамі становіцца вельмі складана.
Хлопцаў жа гэтыя складанасці не збянтэжылі. Пагуляўшы пад зямлёй, камандавыправілася назад, аднак дарогай пачала заўважаць вялікія лужыны, вады ў якіх станавілася ўсё больш. Выйсці па сухім не атрымлівалася.
Брытанскі спелеолаг Верн Ансварт вывучаў гэты пячорны комплекс шэсць гадоў і называў яго сваім «другім домам». Паводле яго, затапленне пячоры немагчыма было прадказаць, бо паводкавыя воды прыйшлі на тры-чатыры тыдні раней, чым летась. «Гэтым хлопцам проста жудасна не пашанцавала. [Яны апынуліся] не ў тым месцы не ў той час. Усё адбылося вельмі хутка. Нельга вінаваціць трэнера, нельга вінаваціць хлопцаў», — адзначаў ён.
Група знайшла сухое пясчанае месца, спынілася там і заначавала. Гэта дазволіла ім заставацца ў цяпле і сухасці, інакш яны рызыкавалі атрымаць пераахаладжэнне. «Перад сном мы памаліліся Буду. Мы думалі, што раніцай вада спадзе, і чыноўнікі пачнуць нас шукаць. У той момант мы не баяліся», — расказваў Аке.
Гэтае пясчанае месца знаходзілася зусім побач з «Пляжам Патая», за 300−400 метраў ад яго. Ратавальнікі думалі, што хлопчыкі і трэнер будуць менавіта там. Аднак «пляж» затапіла. Камандзе трэба было выжыць пад зямлёй — давялося шукаць іншае месца, яшчэ глыбей.
Аке загадаў ім піць ваду, якая сцякала ці капала з камянёў, а не забруджаную грунтовую. Таксама ў дзяцей былі рэшткі ежы, набытыя ў гонар дня нараджэння сябра па камандзе. Трэнер даваў ім большыя кавалкі, сабе пакідаючы меншыя. Камандны дух Аке падтрымліваў праз медытацыю.
Спачатку хлопчыкі абыходзілі тэрыторыю, выкарыстоўваючы ліхтарыкі і спрабуючы знайсці выхад, а таксама па чарзе капалі сцены пячоры, выкарыстоўваючы камяні. Урэшце яны нават зрабілі адтуліну глыбінёй пяць метраў, хоць сілы хутка вычарпаліся без належнага падсілкоўвання ежай. Акрамя таго, ліхтарыкі футбалістаў былі таннымі, таму хапіла іх ненадоўга. Практычна ўвесь час, пакуль іх не знайшлі, яны прабылі ў цемры.
400 метраў да мэты — і паварот назад
Першым трывогу падняў супрацоўнік парку, заўважыўшы ровары хлопчыкаў ля ўваходу ў пячорны комплекс. Паралельна занепакоіліся родныя і калегі зніклых.
А 9-й вечара 13-гадоваму Сангполу, які ў той дзень не ўзяў з сабой ровара на трэніроўку, патэлефанаваў яго дзядзька, адзін з трэнераў каманды. «Ты ведаеш, дзе Эк?» — спытаў ён, маючы на ўвазе 25-гадовага памочніка трэнера. «Яны пайшлі ў пячору», — адказаў хлопец. Каля 23.30 таго ж вечара трэнер ператэлефанаваў маці Сангпола і паведаміў, што ровары ўсё яшчэ стаяць перад уваходам у падземны комплекс.
Дзякуючы шчасліваму супадзенню ў Тайландзе акурат знаходзіўся той самы брытанскі спелеолаг Верн Ансварт, які збіраўся ў пячору 24 чэрвеня. Ён падрыхтаваў увесь неабходны рыштунак і хацеў здзейсніць адзіночную экспедыцыю, але праз тое, што здарылася, яму давялося працаваць у складзе каманды.
25 чэрвеня вадалазы спецназа ВМС Тайланда спусціліся ў пячору ў пошуках хлопчыкаў. У той жа дзень яны дабраліся да «Пляжа Патая». Там яны знайшлі сляды групы. Яны былі ўсяго за 400 метраў ад хлопцаў. Але спецназ павярнуў назад, баючыся блізкіх дажджоў і не маючы дастатковай колькасці балонаў са сціснутым паветрам, каб прасунуцца далей.
Паўтарыць гэты поспех не ўдалося. Пасля гэтага зноў пачаліся дажджы. Тры групы па шэсць чалавек, змяняючы адна адну, апускаліся ў пячоры, аднак мала што бачылі скрозь абломкі парод і каламутныя лужыны з дажджу і бруду. Узровень вады павышаўся, што змушала ратавальнікаў некалькі разоў прыпыняць працу. Яны спрабавалі адпампаваць затопленыя тунэлі з дапамогай помпаў, але вада прыбывала хутчэй.
У нейкі момант ратавальнікі ледзь не здаліся. Адзін з іх расказваў, што плынь была настолькі моцнай, што яго маска сарвалася, калі ён усяго толькі павярнуў галаву. Да гэтага тайскія вайскоўцы трэніраваліся толькі ў адкрытай вадзе, у іх не было досведу апускання ў пячорныя воды.
Ужо тады, у пачатку аперацыі, Верн Ансварт зразумеў: неабходныя замежныя спецыялісты, якія раней удзельнічалі ў аналагічных пошуках. «Гэта была гонка з часам, — успамінаў ён. — Патрэбныя былі дайверы сусветнага класа, і мы іх атрымалі».
У сераду, 27 чэрвеня, тайскія ўлады звярнуліся па дапамогу — у той жа дзень на месца здарэння прыбылі тры брытанцы. Двое з іх, Рык Стэнтан і Джон Валантэн, урэшце і знайшлі дзяцей. Камандаванне ЗША ў тым рэгіёне адправіла спецыяліста па выжыванні і групу парамедыкаў з элітнага падраздзялення спецназа, навучаных пошукава-выратавальным работам і аказанні медыцынскай дапамогі. На тым жа тыдні прыбылі вайскоўцы з Аўстраліі. Кітай, Японія і Ізраіль таксама скіравалі сваіх спецыялістаў.
Побач з асноўным уваходам у комплекс узнік лагер. Мясцовыя вызваліся гатаваць ежу, прыбіраць і падтрымліваць сем'і хлопчыкаў, а таксама ратавальнікаў. Тым часам для ачысткі пячор кругласутачна вялося адпампоўванне вады, і гэта паступова пачало даваць вынік. Каб дапамагчы ратавальнікам, добраахвотнікі ўтварылі ланцужок, перадаючы балоны ўнутр — так у дайвераў быў пастаянны прыток паветра. Яны таксама пачалі выкарыстоўваць спецыяльныя страхавальныя сістэмы, якія дазвалялі ім несці некалькі балонаў з паветрам, прымацаваных да бакоў, і пакідаць рукі свабоднымі.
Улады разгарнулі камандны цэнтр у так званай Трэцяй палаце — памяшканні на ўзвышэнні прыкладна за паўтара кіламетра ад уваходу ў пячору і крыху менш чым за паўтара кіламетра ад Т-падобнага скрыжавання. Памяшканне абсталявалі асвятленнем, медыцынскім абсталяваннем, сістэмай сувязі, запасамі харчавання і кіслароду.
Паступова крок за крокам ратавальнікі набліжаліся да «Патаі»: «Дзікі», як меркавалася, былі дзесьці побач. Улады спадзяваліся, што невялікія адтуліны, якія знаходзяцца на гэтым «пляжы», забяспечаць дастатковую колькасць кіслароду, а крыніцы дадуць магчымасць карыстацца свежай вадой. Паралельна ішоў пошук іншых уваходаў у пячоры, якія маглі знаходзіцца ў джунглях.
Планы аперацыі і першая ахвяра
Увечары ў панядзелак, 2 ліпеня, каля 22.00 паводле мясцовага часу двое згаданых вышэй брытанскіх вадалазаў знайшлі хлопчыкаў і трэнера. Яны знаходзіліся прыкладна за чатыры кіламетры ад уваходу ў пячору.
Раптам захраслыя футбалісты пачулі шум. Трэнер загадаў усім замаўчаць і слухаць. Хлопец на імя Адул, адзіны з групы, які размаўляў па-англійску, спусціўся ўніз, да вадалазаў, якія паказаліся з вады. Адзін з ратавальнікаў спытаў, колькі іх. «Матэматыка і мовы былі недаступныя майму мозгу», — прызнаваўся Адул, які на той момант прабыў у пячоры ўжо дзевяць дзён. Тады хлопцы не ўсведамлялі, які цяпер дзень тыдня і колькі дзён яны знаходзяцца пад зямлёй.
У выніку Адул правільна адказаў, што трынаццаць. «Трынаццаць, выдатна!» — пракаментаваў дайвер. Гэтая колькасць супадала з колькасцю згубленых. Хлопцы казалі, што галодныя: на той час кожны ў сярэднім страціў амаль два кілаграмы. Ратавальнікі паабяцалі ім дапамогу.
Ужо на наступны дзень (у аўторак, 3 ліпеня) камандзе даставілі харчаванне (у тым ліку высокакаларыйныя гелі) і медыкаменты (у прыватнасці, парацэтамол). Калі хлопчыкам упершыню прынеслі ежу ў пячору, яна падалася ім такой смачнай, што некаторыя з іх употай хавалі яе ў гідракасцюмах, каб пазней вынесці вонкі.
З вязнямі пячоры засталіся тайскі вайсковы доктар Пак Лахарачун і тры ратавальнікі-вадалазы з добрымі ліхтарамі. Тым не менш, выйшаўшы на паверхню, хлопцы ўсё адно былі вымушаныя надзець сонцаахоўныя акуляры. Камандзе прынеслі лісты ад бацькоў, а адзін з ратавальнікаў гуляў з імі ў шахматы. Як расказваў Пак, дзеці паводзіліся дысцыплінавана і, напрыклад, самі складалі смецце ў чорныя пластыкавыя пакеты пасля кожнага прыёму ежы.
Зрэшты, знайсці каманду — паўсправы. Яшчэ трэба было выцягнуць іх з-пад зямлі. Агучвалася некалькі варыянтаў, прычым у кожнага былі свае недахопы:
- прасвідраваць адтуліну, каб адвесці частку паводкавай вады, і дабрацца да захраслай каманды. Праўда, для гэтага трэба было пабудаваць новыя дарогі над пячорамі, а таксама дэталёва абследаваць мясцовасць. Свідравыя брыгады выкапалі больш за 100 свідравін, але так і не здолелі знайсці пячору;
- навучыць усіх 13 чалавек дайвінгу. Гэта было рызыкоўна: уся каманда ўмела плаваць, але не ўсе рабілі гэта дастаткова ўпэўнена;
- дачакацца, пакуль вада спадзе. У такім выпадку групе трэба было заставацца ў пячоры да заканчэння сезону дажджоў — то-бок да канца лістапада. Але сезон толькі пачаўся, і ўзровень вады павялічваўся. Ратавальнікі кругласутачна адпампоўвалі яе, так што зацягваць выратаванне было нельга — бо гэтак жа хутка прыбывала і новая.
Існавала яшчэ адна небяспека, якая змушала паскорыцца: у нейкі момант узровень кіслароду ў паветры пячоры знізіўся да 15% — пры ўзроўні 12% гэта можа быць смяротна небяспечна.
Каб унікнуць катастрофы, ратавальнікі ўсталёўвалі ў пячорным комплексе кіслародныя балоны са сціснутым паветрам: усяго падчас выратавальнай аперацыі іхвыкарысталі больш за 700. Аднак абысціся без ахвяр не ўдалося: 6 ліпеня адзін з ратавальнікаў, Саман Кунан, загінуў. Падчас дастаўкі балонаў ён страціў прытомнасць, і яго не ўдалося рэанімаваць. Яго сям’я адмовілася ад ускрыцця, але некаторыя тайскія чыноўнікі заявілі, што ён памёр, бо ў яго балонах скончылася паветра. Іншыя лічаць, што Кунан памёр ад пераахаладжэння.
Выратаванне пад наркозам
Урэшце ратаваць футбалістаў вырашылі так: увесці іх у паўпрытомны стан, каб пад наркозам выцягнуць з пячоры з дапамогай дайвераў. Тыя баяліся, што хто-небудзь з хлопцаў, упершыню надзеўшы вадалазны рыштунак у цемры і бурлівай пячорнай вадзе, запанікуе і паставіць пад пагрозу жыцці ўсіх астатніх. Дзеянне анестэтыку доўжылася ўсяго каля гадзіны, таму ратавальнікам давялося вучыцца ўводзіць наступныя дозы, каб рабіць гэта проста ў працэсе аперацыі. На ратаванне аднаго хлопчыка ішло каля трох гадзін.
Усяго ў аперацыі па ратаванні каманды ўдзельнічала 10 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 900 паліцэйскіх, былі выкарыстаныя дзесяць верталётаў. А добраахвотнікі-кухары штодня гатавалі больш за 5000 страваў для людзей «на зямлі».
Перад пачаткам аперацыі вадалазы змаглі адпрацаваць метады выратавання ў басейне з хлопцамі з мясцовага плавальнага клуба. Першапачаткова меркавалася, што кожнага футбаліста будуць весці два выратавальнікі, але на практыцы кожнага суправаджала па адным чалавеку — неабходнага персаналу папросту не хапала.
Захраслых хлопцаў транспартавалі ў гнуткім пластыкавым кокане — своеасаблівай форме насілак. Часам дзяцей прымацоўвалі да гэтых насілак і падвешвалі на сістэме канатных блокаў, прымацаваных да столі пячоры. Часам — у тым самым кокане прышпільвалі да цела вадалаза, каб не згубіць з-пад увагі ў каламутнай вадзе. Калі праход быў вузкі і глыбокі, ратавальнік прыціскаў футбаліста да грудзей. Калі ж нізкі і шырокі — трымаў яго збоку і манеўраваў, абыходзячы перашкоды на дарозе.
Прыкладна 40% дарогі па вадзе складалася з апусканняў, а на іншых участках вада даходзіла вадалазам да грудзей. Ратаваннем займалася каманда з 90 дасведчаных дайвераў — 40 з Тайланда і 50 з-за мяжы. На Т-падобным скрыжаванні ім даводзілася здымаць балоны з паветрам, каб яго пераадолець — наколькі вузкім быў праход.
Ратавальная аперацыя пачалася ў нядзелю, 8 ліпеня, — больш чым праз два тыдні пасля таго, як хлопчыкі выправіліся ў пячору. Вадалазы ўвайшлі туды, а 10-й паводле мясцовага часу. Першы ўратаваны выйшаў на паверхню ў 17.40, а да 19.47 — яшчэ трое. Але аперацыю давялося прыпыніць на ноч, каб замяніць на маршруце балоны са сціснутым паветрам.
У панядзелак, 9 ліпеня, аперацыя аднавілася. Тады з пячоры дасталі яшчэ чацвярых. На іх выратаванне спатрэбілася ўжо на дзве гадзіны менш, чым за дзень да гэтага. Завяршылася аперацыя ў аўторак, 10 ліпеня, — астатніх хлопчыкаў і іх трэнера выратавалі і даставілі ў бальніцу.
Ці быў нейкі пэўны парадак у вывадзе хлопчыкаў? Як тлумачыў Аке, «хто першы падымаў руку, той і выходзіў першым <…> некаторыя з іх не хацелі ісці, бо хацелі застацца разам з вадалазамі [якія ўсё яшчэ былі побач з імі]». Доктар Пак Лахарачун таксама казаў, што ў крытычным стане, калі трэба б было спяшацца, не знаходзіўся ніхто. Зрэшты, паводле іншай версіі, хлопчыкаў, якія жылі далей за ўсіх, усё ж прымусова выбралі першымі.
Самі дзеці не ўяўлялі маштабу ратавальнай аперацыі. Апошняя тым часам праходзіла не без цяжкасцяў. Напрыклад, падчас эвакуацыі аднаго з футбалістаў дайвер згубіў трос, які вёў яго вонкі, але ўрэшце змог яго знайсці. Пасля вызвалення футбалістаў даставілі ў бальніцу, адкуль пасля тыднёвага каранціну выпісалі.
Выратаванне прыйшло своечасова. Неўзабаве пасля заканчэння аперацыі зламалася помпа. Пасля гэтага пячора зноў запоўнілася вадой.
Як склаўся лёс герояў гэтай гісторыі? На жаль, ахвяры былі яшчэ. Адзін з тайскіх вайскоўцаў памёр у 2019-м ад інфекцыі, падхопленай, як выявілася, падчас выратавальнай аперацыі. У 2023-м капітан каманды, 17-гадовы Дуангпхет Прамтэп, з невядомых прычын скончыў жыццё самагубствам. Гэта здарылася ў Вялікабрытаніі, дзе ён вучыўся ў футбольнай акадэміі.
Адразу пасля вызвалення, у жніўні 2018 года, трэнер і трое дзяцей, якія не мелі грамадзянства Тайланда, нарэшце атрымалі яго. Пасля гэтага Аке заснаваў сваю футбольную акадэмію. У 2024-м ён зноў трапіў у форс-мажорную сітуацыю — начаваў на даху дома падчас паводкі. Адул, які размаўляў па-англійску, з’ехаў вучыцца ў ЗША. Адзін з былых вязняў пячоры стаў прафесійным гульцом і цяпер гуляе ў адным з дывізіёнаў чэмпіянату Тайланда па футболе.
Чытайце таксама


