Вы можаце даслаць нам 1,5% сваіх польскіх падаткаў
Беларусы на вайне
  1. Хотите, чтобы вас восемь часов защищали четыре телохранителя со служебным транспортом? В МВД рассказали, сколько это будет стоить
  2. Пропагандисты предложили проголосовать за блокировку YouTube в стране — какие результаты
  3. Што будзе з далярам пасля разгону цаны нафты вышэй за 100 даляраў? Прагноз курсаў валют
  4. «Вось гэта „Жди меня“ прэміум». Полька шукала родных у Беларусі для генеалагічнага дрэва — у сацсетках іх знайшлі за некалькі дзён
  5. «Нельзя заходить, если ты не министр?» Минчанка возмутилась ограничением в магазине
  6. «Забрали семью, которая долго не была в РБ». Беларуска рассказала про «странный» допрос на границе
  7. Весна «сломалась» уже в апреле? Прогноз погоды на следующую неделю
  8. Выпілі таблетку ад прастуды і ўпалі мёртвыя. Расказваем пра адно з самых загадкавых масавых забойстваў у гісторыі ЗША
  9. Мужчин в возрасте нередко тянет на молодых девушек. И страдать от таких отношений могут не только последние — поговорили с сексологом
Читать по-русски


Ирина Сидорская/

Усё часцей сустракаюцца сцверджанні пра тое, што калі муж у сям'і працуе, а жонка — не, то яна павінная да яго прыходу навесці парадак дома і прыгатаваць паесці. Маўляў, гэта акурат тое, што называецца партнёрствам, а не патрыярхатам. У калонцы для «Люстэрка» гендарная даследчыца Ірына Сідорская разважае, чым небяспечны распаўсюд такіх сцверджанняў.

Ирина Сидорская для колонки. Фото: личный архивИрына Сідорская

Доктар філалагічных навук, экспертка ў галіне медыя і камунікацый, гендарная даследчыца

З 1998 года выкладала на факультэце журналістыкі БДУ, у 2010−2020 гадах тамсама ўзначальвала кафедру тэхналогій камунікацыі і сувязяў з грамадскасцю. Вяла тэлеграм-канал Gender_gap. Пасля пратэстаў у Беларусі звольнілася і з’ехала з краіны.

Такія заявы сёння — у эпоху кансерватыўнага павароту — можна сустрэць усё часцей. Яны апелююць да нібыта справядлівага абмену: адзін прыносіць грошы, другая забяспечвае ўтульнасць. Але варта прыгледзецца ўважлівей — і становіцца ясна, што перад намі зусім не партнёрства, а патрыярхальная залежнасць, замаскаваная пад роўнасць.

Што ж такое сапраўднае партнёрства?

У шырокім сэнсе партнёрства — гэта адносіны, дзе бакі прызнаюць адно аднаго роўнымі, дамаўляюцца пра размеркаванне абавязкаў і гатовыя гэтыя дамоўленасці мяняць. Яно трымаецца як мінімум на трох апорах:

  • Добраахвотнасць. Партнёрства заснаванае на свабодным і свядомым выбары. Ролі партнёраў можна абмяркоўваць і мяняць, пры гэтым адсутнічаюць ціск, шантаж, маніпуляцыі.

  • Раўнапраўе. У партнёрстве ніхто не займае галоўнай пазіцыі. Сілы і рэсурсы могуць быць рознымі, але статус і павага — роўныя. Кожны бок мае права голасу, права на адмову і права на ініцыятыву.

  • Узаемная выгада. У партнёрстве абодва бакі нешта атрымліваюць: падтрымку, клопат, рэсурсы, пачуццё прыналежнасці… Пры гэтым кожны бок не толькі «атрымлівае», але і «дае». Баланс паміж «атрыманым» і «аддадзеным» празрысты і абодвума бакамі ацэньваецца як справядлівы.

Давайце разбяромся на прыкладах. Многія жанчыны сутыкаюцца з сітуацыяй «двайной нагрузкі»: яны працуюць нароўні з мужчынамі, а пасля бяруць на сябе «другую змену» — гатаванне, прыборку, клопат пра дзяцей. Фармальна — «раўнапраўе»: вы ж хацелі працаваць. Па факце — эксплуатацыя.

Але можа быць па-іншаму. У сем’ях, дзе партнёры дамаўляюцца паміж сабой, магчымыя розныя мадэлі: адзін бярэ на сябе быт, пакуль іншы заканчвае вучыцца або запускае праект, потым ролі мяняюцца. Тут няма «павінная» ці «абавязаны», ёсць выбар і павага. Менавіта гэта называецца партнёрствам.

Дарэчы, падмена партнёрства залежнасцю сустракаецца не толькі ў сям'і. Расія і Беларусь называюць сябе «саюзнай дзяржавай». Фармальна — партнёрства, якое прадугледжвае роўныя правы і ўзгадненне інтарэсаў. На справе адносіны пабудаваныя па прынцыпе старэйшага і малодшага: Масква прымае ключавыя рашэнні, а Мінск вымушаны іх падтрымліваць — замежная палітыка гэта, эканамічныя пагадненні або вайсковыя вучэнні.

Такі саюз прайгравае логіку залежнасці: адзін бок захоўвае кантроль над рэсурсамі, ініцыятывай і правіламі ўзаемадзеяння, а іншы атрымлівае толькі абмежаваную свабоду і вымушаны гэтым правілам адпавядаць. Гэта называецца партнёрствам толькі на паперы, а па сутнасці — замацаваная іерархія.

Такія прыклады паказваюць універсальнасць механізму: залежнасць называюць партнёрствам, каб схаваць няроўнасць.

Чаму «мужчына зарабляе, жанчына займаецца домам» — не раўнапраўе?

У гэтай схеме першапачаткова закладзеная асіметрыя. Па-першае, жанчына аказваецца эканамічна залежнай: яе праца ў побыце не аплачваецца, не прызнаецца раўнацэннай і не дае ёй фінансавай аўтаноміі. Эканамічная залежнасць цягне за сабой псіхалагічную, што спрыяе павышэнню імавернасці хатняга гвалту.

Нацыянальны інстытут юстыцыі ЗША яшчэ ў 2009 годзе адзначаў, што фінансавае напружанне можа ўтрымліваць жанчын у адносінах, дзе пануе гвалт. А калі пара цярпіць фінансавыя цяжкасці, то жанчыны сутыкаюцца з паўторнымі выпадкамі гвалту больш чым у два разы часцей, чым у сітуацыях, калі фінансавых праблем няма. Аналіз Інстытута даследаванняў палітыкі жанчын (IWPR), апублікаваны ў 2016 годзе, паказвае: 94% жанчын, якія перажылі хатні гвалт, падвяргаліся эканамічнаму кантролю — ад забароны працаваць да пазбаўлення доступу да грошай.

Па-другое, ролю «прыгожай жанчыны дома» часта рамантызуюць: спакой, утульнасць, няма патрэбы працаваць. Але за гэтай карцінкай хаваецца ўмова, пра якую звычайна маўчаць: прыгажосць і маладосць становяцца галоўным і практычна адзіным «капіталам» жанчыны. Гэты рэсурс патрабуе пастаянных намаганняў для падтрымання і ўсё роўна непазбежна змяншаецца. У доўгатэрміновай перспектыве такая мадэль абясцэньвае жанчыну: калі выгляд непазбежна змяняецца, у яе не застаецца іншых апор — адукацыі, прафесіі, уласных сродкаў. Тое, што выглядала як ідэал, ператвараецца ў залежнасць і ўразлівасць.

Па-трэцяе, ролі фіксаваныя і не падлягаюць перагляду. Традыцыйная мадэль падзелу працы ў сям'і падаецца не проста як правільная, а як адзіна дапушчальная — і гэта ў XXI стагоддзі! Жанчына ў ёй атрымлівае ролю «па змоўчанні», без права абмяркоўваць ці мяняць правілы. Жорсткая фіксацыя абавязкаў падмяняе ідэю партнёрства: там, дзе няма гнуткасці і выбару, узнікае толькі іерархія і механічнае прайграванне старога гендарнага сцэнара.

Па-чацвёртае, адзін бок выйграе за кошт іншага. Мужчына атрымлівае заробак — а таксама досвед, сувязі, рост кваліфікацыі, кар’ернае прасоўванне, сацпакет, рэпутацыю, перспектывы, статус карміцеля, пенсійны стаж — і яшчэ поўны хатні сэрвіс. Жанчына ж — толькі абавязак адпавядаць вызначанай ролі. Іншымі словамі, у мужчыны назапашваецца капітал — фінансавы, сацыяльны, прафесійны, — які працуе на яго будучыню, а ў жанчыны — толькі стомленасць і залежнасць. Такі абмен выгадны толькі аднаму боку.

Такі лад можна назваць традыцыяй, іерархіяй, абавязкам — але ніяк не партнёрствам.

А што мужчыны?

На першы погляд здаецца, што ад такой мадэлі пакутуюць толькі жанчыны. Але гэта не так. Мужчыны ў псеўдапартнёрстве таксама аказваюцца ў пастцы. Яны адчуваюць:

  • Фінансавы ціск. Роля адзінага карміцеля ператвараецца ў крыніцу хранічнага стрэсу. Забяспечанне сям'і жаданага ўзроўню фінансавага дабрабыту патрабуе ад большасці мужчын звышвысілкаў і звышнапружання. Страта ж працы ці хвароба карміцеля становяцца катастрофай для ўсёй сям'і.

  • Эмацыйныя і псіхалагічныя праблемы. Ад мужчын чакаюць сілы і стойкасці, але не звычайных чалавечых праяваў — уразлівасці, страху, слабасці. У культуры, дзе «сапраўдны мужчына не плача», любыя перажыванні застаюцца ўнутры, што вядзе да замкнёнасці, эмацыйнага выгарання і павышанай рызыкі дэпрэсій. Да гэтага дадаецца хранічны стрэс і ператамленне. Даследаванне супрацоўнікаў Універсітэта Паўднёвай Флорыды (ЗША) за 2022 год паказала, што ў краінах, дзе моцна прытрымліваюцца культу мужнасці, мужчыны жывуць на шэсць гадоў менш, чым у краінах, дзе імкненне да яго найменшае. Гэта фактычна плата за неабходнасць пастаянна быць «сапраўдным мужчынам».

  • Абмежаванае бацькоўства. Калі дом і клопат пра дзяцей аўтаматычна замацаваны за жанчынай, мужчыны аказваюцца адсунутымі на перыферыю сямейнага жыцця. Іх роля зводзіцца да ролі карміцеля, а не паўнавартаснага ўдзельніка ў выхаванні. У выніку яны страчваюць магчымасць выбудоўваць глыбокую эмацыйную сувязь з дзецьмі, падзяляць штодзённыя радасці і клопаты і на ўласным досведзе перажываць бацькоўства. Гэта не толькі збядняе жыццё мужчын, але і пазбаўляе дзяцей важнага рэсурсу — блізкага, заангажаванага бацькі.

  • Жывуць без выбару. «Сапраўдны мужчына мусіць зарабляць больш за ўсіх» — і кропка. Хочаш займацца любімай, але менш прыбытковай справай, менш працаваць, больш часу бавіць дома, ствараць? Гэта выходзіць за рамкі дазволенага сцэнара.

Іншымі словамі, патрыярхат не робіць шчаслівымі ні жанчын, ні мужчын: адным ён навязвае залежнасць, іншым — абавязак заўсёды адпавядаць іміджу моцнага і паспяховага. Слова «партнёрства» тут выкарыстоўваецца як маска: яно закліканае схаваць іерархію і надаць мадэлі прывабны выгляд.

Сапраўднае партнёрства — гэта адкрыты сцэнар

Партнёрства — гэта сумесная гісторыя, якую можна напісаць па ўласным сцэнары — а калі не падабаецца, то перапісаць. Патрыярхат — гэта сцэнар, напісаны кімсьці загадзя, дзе ў жанчыны і ў мужчыны — толькі па адной ролі. І калі называць гэта партнёрствам, па сутнасці нічога не зменіцца: залежнасць не становіцца роўнасцю толькі таму, што яе перайменавалі.

Між тым раўнапраўнае партнёрства — гэта не толькі пра каштоўнасці, але і пра якасць жыцця. Там, дзе больш роўнасці, менш гвалту і вышэйшая задаволенасць адносінамі.

У псеўдапартнёрстве жанчыны страчваюць свабоду і аўтаномію, мужчыны — выбар і эмоцыі. Такі саюз трымаецца на абавязках, а не на даверы. Сапраўднае партнёрства пачынаецца там, дзе выйграюць абое і абое могуць быць сабой.

Меркаванне аўтаркі можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.